?

Log in

No account? Create an account

Аднойчы ...

Аднойчы я вазьму заплечнік, застаўлю мой тэлефон дома. Я выйду на невядомую мне дарогу ды паеду вакол свету. І не важна хто будзе побач. І не важна што чакае ў гэтай дарозе. Калі? я не ведаю. Можа праз год, можа праз 3, а можа праз 3 дні. Я не ведаю. Я проста вазьму і паеду.

Хіба можна нешта планаваць на паслязаўтра? Вядома без сэнсу. Гэта не план. Гэта патрабаванне сэрца. Калі яно перакрычыць голас розуму - я не ведаю. Толькі ведаю што аднойчы гэта здарыцца.

Што шукае пілігрым?

На перадзе лета. а гэта значыць шчаслівая пара пілігрымак. Спачатку ў Будслаў, пазней у Росіцу. Ужо бязмерна чакаю.

«I ненадаесць жа табе хадзіць у гэтыя пілігрымкі? Колькі можна ўжо? 10-ты? 12-ты раз? Хіба нешта зменіцца да таго, што цябе там у гэтым годзе не будзе? Лепш ба дома чым дапамагла, а ў нядзелю сходзіш ў наш касцёл — ці там моляцца неяк па-іншаму?» — што год чую ад родных, сяброў тое ж самае — «Што там такое, што цягне цябе як магніт?»

Затое з іншымі сябрамі наступную пілігрымку абмяркоўваем яшчэ падчас папярэдняй. Шмат ў каго з нас нават адпачынкі на працы і паездкі да бабулі ўпісваюцца ў «графік» — каб ўсё добра супала, іншыя адпачынку на турэцкіх ці грэцкіх пляжах выбіраюць палячае сонца і змазоленыя да крыві ногі пілігрыма. «Ідзеш?» — пытаюся ў сябра. «Інакш не магу» — чую ў адказ.

Дык што ж цягне ў гэтую нелёгкую дарогу малых і старэйшых. працоўных, студэнтаў, школьніка? Што шукае пілігрым?

… Ранак. Сонца яшчэ не ўстала. Хіба ўстаеш так рана? Напэўна ж не. Заплечнік складзены яшчэ звечара. Лёгкі, невялічкі. Толькі самае неабходнае — малітоўнік, ружанец, бутэлька з вадой, капялюш… Калі ішла ў пілігрымку ўпершыню — набрала ўсяго чаго, што ледзь несла той заплечнік. Большасць з рэчаў не тое, што не спатрэбілася пад час дарогі — яны былі проста былі не да месца, так як бы ўзяць з сабой на пляж вечаровую сукенку. Усё прыходзіць з часам — і склад заплечніка, і разуменне для чаго табе гэтыя дні, што наперадзе. Зараз застаўляю дома не толькі не патрэбныя мне рэчы, але таксама і паўсядзеннасць, справы, праблемы. З сабой — толькі самае неабходнае — сябе самога. Такім якім ёсць, не сябе выдуманага, не намаляванага, а таго, які губляецца ў штодзённасці.

Так, штодня прачынаючыся ты ведаеш што і як: праца, вучоба. У малога парваўся бацінак, трэба адведаць бацькоў, сяброўку, здаць справаздачу. Канец месяца. Значыць хутка заробак. Ізноў налічаць гэтыя капейкі. Як пражыць? Забягаеш на хвіліначку ў касцёл. Стаеш на калены. «Божа! Дзякуй табе за сённяшні дзень! За тое, што ёсць побач. За тое што вядзеш за руку і атуляеш сваёй бязмернай любоўю!». Але хвіліначка хутка скончваецца і трэба вяртацца да штодзённасці…  І вось нарэшце! Дачакалася. Я вазьму з сабой толькі сваё сэрца, каб Ты, Пане, дапамог навесці там парадак. Каб дапамог раставіць кропкі над “і”. Усё ж астатняе застаўлю за межамі пілігрымкі…

Да касцёла падцягваюцца пілігрымы. Іх бачна здалёк — заплечнікі, торба з рэчамі, што паедзе на суправаджальнай машыне, доўгія спадніцы, сандалі, капелюшы… Штодня іх не заўважаеш на вуліцы, хоць яны  жывуць побач. Штодня гэта здаецца зусім іншыя людзі —  настаўнікі, лекары, студэнты і школьнікі, працоўныя і чыноўнікі. Штодня яны спяшаюцца на працу. Хіба могуць яны так прыйсці працу? Не, на працы, вучобе яны лекары, настаўнікі, чыноўнікі, прагульшчыкі і выдатнікі. Тут жа яны такія якія ёсць. Пілігрым — гэта той, хто  перад Табой, Пане, такі як ёсць. І знутры, і знешне. Хоць бы на гэтыя некалькі дзён.

Пасля Імшы вырушаем. Наперадзе калоны ўздымаецца Крыж — знак Збаўлення. Падзеленыя штодзённымі клопатамі становімся адной сям’ей. хоць бы на гэтыя некалькі дзён. Пакуль выходзім з мястэчка (гораду, вёскі), насустрач па сваіх раніх справах спяшаюцца мясцовыя. Хтосьці апускаючы вочы пераходзіць на іншы бок дарогі, іншыя вітаючы просяць: «Памятайце пра нас ў дарозе!» Хіба гэта цяжка кінуць ўсё на некалькі дзён — і пайсці ў дарогу. Не. Але спыняюць абавязкі, праца, сям’я, хвароба. Знайдзецца найменш мільён прычын, чаму гэты мінак не можа зараз змяніць свой шлях, і пайсці за крыжом, так як гэтыя адважныя людзі. А цябе ж напаўняе бязмерная радасць. Адкуль яна сказаць цяжкае. Але гэта пачуццё перапаўняе сэрца і рвецца на волю…

Першыя кіламетры — і ты бачыш што сярод пілігрымаў шмат знаёмых. Вось маці з гадавалым дзіцём — год ці 2 таму вы бачылыліся ў гэтай жа дарозе. І бабуля, якой ўжо за 70, але яна год ад году вырушае ў шлях. А як за год падраслі дзяўчынкі-блізняшкі, што так файна спявалі ў мінулагодняй пілігрымцы. Што прымушае чалавека заставіць ўсё і рушыць ў шлях?

… У дарозе так шмат людзей — далёкіх і блізкіх, старых знаёмых і тых, каго бачыш упершыню. але дзіўным чынам ты сам насам з сабой, з сваім нутром. Сам насам з Богам. У гэтыя дні Ён найбліжэй цябе. З кожным крокам ўсё больш і больш чуеш яго голас, заглушаны ў звычайным жыцці паўсядзеннасцю.

Наперадзе паказалася вёска. Для яе жыхароў ваш праход раз нагод сапраўднае свята. Да яго рыхтуюцца як да сустрэчы самых дарагіх гасцей. Астатні тыдзень, калі не месяц, ўсе мясцовыя былі занятыя толькі пілігрымамі. Колькі прыйдзе ў гэтым годзе? Мясцовыя бабулі старанна выпякаюць булкі і печыва, а малыя робяць канапкі і разводзяць морс. І справа не ў тым, ці хопіць гэтага пачастунка для пілігрымаў. Проста хочацца хоць як паўдзельнічаць ў гэтым шляху-сведчанні. Хочацца дакрануцца да таго Святла, якое нясуць гэтыя падарожныя, ад якога атрымоўваем нейкую незвычайную сілу і ласку, якая  дае сілы да жыцця і ўзмацняе нашу веру.

Пілігрымка — гэта не паход і спеў ля кастра пад гітару, хоць мы ідзем і спяваем пад гукі гэтага цудоўнага інструмента, а вечарамі часам таньчым ля кастра. Гэта не вясёлая прыгода, хоць шмат з тых, хто зараз побач, пайшлі бо ішлі сябры і казалі што будзе весела. Бо калі хацелася вясёлай прыгоды дастаткова было б ўзяць гітару і ў бліжэйшым ляску вясёлай кампаніяй раскласці касцер. Пілігрымка — гэта пустыня, у якой ты вучышся быць ішным, быць лепшым, быць бліжэй Бога… Святар пачаў казаць канферэнцыю. «Спакусы Хрыста… Зрабіць з камня хлеб… Спрыгні са скалы — твае анёлы  падхопяць цябе… Пакланіся…» Хіба не бачыш гэта ў сваі жыцці? Колькі разоў ты хацёў зрабіць прасцей? Колькі разоў намагаўся грабіць так, каб ўсе сказалі «Ваў!»? А можа і рабіць нічога не трэба ўсё і так для цябе прыгатавана. Ну падумаеш адзіна маленькая дробязь. Нават ты яе незаўважаеш, не тое што іншыя. Быць большым, чым ёсць. Ці прыходзіла калі табе ў галаву, што не па-божаму гэта? Шукаеш сабе апраўданн, мільен таму што, але, а я ж. Праца, вучоба. У паўсядзеннасці не задумвашся пра нешта большае — не хапае часу. Так, не хапае часу каб быць побач блізкага чалавека, каб  адведаць хворую бабулю. Каб быць бліжэй Яго. Тут, заставіўшы ўсе клапоты па-за, есць час каб навесці парадак ў галаве, сэрцы. Каб раставіць прыярэтэты. Каб быць бліжэй Яго.

Вечарэе. Ужо бачны касцёл і натоўп вернікаў, якія чакаюць пілігрымаў. Запрасіць на начлег, каб пілігрым мог адпачыць — святая справа, праз якую далучашся да гэтых адважных людзей, аддаючы ім сваё сэрца. За плячыма досыць цяжкі і спякоты дзень.  І гэта дае пра сябе знаць апаленая скура і сцёртыя да крыві ногі. Хм.. Чамусці не адчувала іх падчас дарогі, толькі зараз, калі ў доме гаспадароў, якія ветліва запрасілі на начлег, калі зняла абутак і пабачыла сябе ў люстэрку.  Хіба дазволіла б сабе ў такім выглядзе прыйсці да кагосці ў госці? Вядома ж не. Але тут ты такі які ёсць. Тут ты той, хто нясе з Сабой нешта большае, ўзвышанае, чаго так не хапае тым, каго сустракаў сёння ў дарозе, за каго маліўся і перапрашаў…

Вечаровае чуванне ў касцёле — малітва за пройдзены дзень, праслаўленне Яго Хвалы. Дзесяткі галасоў зліваюцца ў мілагучным “Як дзякаваць Табе за УСЁ, Божа… І псальм спяваць Твайму Імя, Божа… І праслаўляць зранку Міласць Тваю, Божа… б вернасці Тваёй спяваць пад гукі гусляў, і лютні, і гучнай арфы…”  Божа!  Дзякуй табе за сёняшні дзень! За радасць спатканняў! За людзей, якія былі побач. За тых, хто сустракаўся на шляху… За тое, што паклікаў ў шлях. Дапамажы стаць лепшай, стаць бліжэй цябе! Прабач, за тое, што я, слабая, раблю твой крыж яшчэ цяжэйшым…

Ранак і новы дзень. На перадзе яшчэ некалькі дзён шляху і разам з тым дзён, праз якія магу падсумаваць сваё жыццё, ачысціць яго. Стаць лепшай.  Усмешкі пілігрымаў моцна кантрастуюць з хмурымі тварамі, якія бачыш штодня на вуліцы. Чамусці штодня мы зусім іншыя, чым ў гэтай дарозе. Як бы на некалькі дзён мы перанесліся ў іншы сусвет…

Час бяжыць і мэта   пілігрымкі ўжо блізка. Але разам з гэтым блізкі ўжо і час вяртання дадому, да штодзённасці. Сэрца перапаўняе радасць — за гэтыя некалікі дзён здаецца свет вакол цябе змяніўся. І ты змяніўся. Назаўсёды.  Божа!  Дзякуй Табе за гэтыя дні, якія дзякуючы Тваёй Ласцы змагла так плённа скарыстаць. Няхай кожны мой дзень будзе днём пілігрымкі…  Хіба можна параўнаць гэтыя некалькі дзён з нейкім валяннем на пляжы ці яшчэ якой ерундой? Хоць раз вярнуўся з падарожжа нестомленны? Тут жа негледзечы на спаленую скуру, якая дарэчы паспела згарэць, злезці, пасля зноў згарэць і ўжо злаціць па другому колу, нягледзечы на збітыя і змазоленыя ўнішто ногі, адчуваеш, што зараз толькі падпрыгнуць — і ў верх, узляціш да нябёсаў!

Вяртанне дадому — вяртанне да штодзённасці, праблемаў, рэальнасці… Ты ўжо не можаш быць дакладна такім як раней —  пілігрымка змяніла цябе назаўсёды. Але дзень па дню акунаешся ў застаўленную штодзённасць, эйфарыя праходзіць, усё вяртаецца на свае месцы. Чакай, не ўсё. Бо ты ўжо іншы.  І не важна, на пачатку пілігрымка была для цябе вясёлай забаўкай ці нечым большым.

Што шукае пілігрым? Натуральна, што колькі пілігрымаў — столькі і адказаў. Хтосьці суцяшэння, хтосьці падтрымкі, іншыя дапамогі, натхнення. Але ўсё разам шукаюць Таго,  каго ў штодзённасці губляюць. Таго, хто есць сэнсам жыцця. Таго Хто ёсць лекарам чалавечых душ. Таго, хто дае крылы, якія будуць узносіць цябе па-над светам у цяжкія хвіліны і ў хвіліны радасці. Таго, хто пакліча цябе ў пілігрымку ізноў, каб быць побач з Ім...

Артыкул прыгатаваны для http://piligrymka.by

У Варшаве абчынілі школу практычнай палітыкі. Падчас інугарацыйнай лекцыі “Грамадзянін як актывіст ў ЗША”  Frankie Sturm, намесьнік аташэ па пытаньнях культуры амбасады ЗША ў Польшчы, распавеў пра свой досвед грамадзяніна. Мерапрыемства цяжка было назваць лекцыяй. Хутчэй гэта была нефармальная размова.  Я доўга шукала адказу ў чым прычына нашай агульнай пасіўнасці, безадказнасці ды абыякавасці. Здаецца, знайшла.

... Калі арганізатары прадставілі вядоўцу, можна было вельмі здзівіцца. Малады чалавек, з выгляду не мае і 30, распавядае пра свой жыццёвы досвед. Некалькі грамадскіх арганізацый ў сябе на радзіме, праца ў перадвыбарчым штабе ў Чылі, валантэрыят ў навучанні ангельскай мове імігрантаў... У свае маладыя гады хлопец займае пасаду намесніка аташэ ў амбасадзе сваёй краіны. І гэта пры тым, што на захадзе маладыя людзі працяглы час атрымоўваюць адукацыю, падарожнічаюць, “жывуць для сябе” як модна казаць, а не робяць кар’еру ў нашым разуменні гэтага слова.

Беларуская моладзь мае іншыя прыярэтэты. Дарослае жыццё мы пачынаем раней. У 17 год скончваем школу, пасля універсітэт, праца, сям’я... Мы жывём па зарання прыгатаванаму для нас плану, і рэдкія асобы, якія жывуць па-іншаму, выклікаюць здзіўленне ў грамадства. Замкнёныя ў сабе, мы вельмі дрэнна ўяўляем што такое ўзаемадапамога, салідарнасць, падтрымка, замыкаемся ў сабе і на сваіх ўласных праблемах, не ведаючы як знайсці вырашэнне. Больш таго, мы любім скідваць нашыя праблемы на дзяржаву, неспрыяльныя умовы, сонечнае затменне ці штосці яшчэ, не жадаючы змяняцца самі і вырашаць свае праблемы самастойна. Калі заходняя моладзь кажа “Я магу” мы кажам “калі б (далей доўгі спіс умоваў) я б можа і зрабіў”. Толькі ўмовы самі неадкуль не з’явяцца, а страчаны час – гэта страчаныя магчымасці.

Frankie адразу ж прапанаваў размаўляць на ты, ён не адгароджваецца ад ўдзельнікаў сваёй пасадай, больш таго, шчыра жадае каб пасля сустрэчы засталося нешта большая чым сказаныя ім словы. Ён шчыра хоча падзяліцца сваім досведам. Умешлівы, ён распавядаў вельмі простыя рэчы, які цяжка зразумець беларускаму слухачу. Замест любімай беларускам рыторыкі “Еўропа зрабіла чарговыя крокі...”, “Расія хоча атабраць нашу незалежнасць...” гэты малады амерыканскі дыпламат, на добрай польскай мове, спрабаваў растлумачыць вельмі простую рэч: не хтосьці прыйдзе і зробіць за мяне, але я павінен ўстаць і зрабіць. Але гэта ж так складана, бо трэба зрабіць, а не ныць пра тое што “гэта не ў нашай краіне” і “усе апроч мяне”. Пакуль у нашай ментальнасці словы валантарыят, ўзаемадапамога, салідарнасць застаюцца толькі словамі амерыканцы зрабілі гэта цэнтрам свайго маленькага свету і збудавалі на гэтым падмурку сваё жыццё, якое свет ахрысціў “амерыканская мара”.

Усе змены пачынаюцца з сябе. З адказнасці якую мы бярэм на сябе штодня. За саміх сябе, за нашых каханых, дарагіх і блізкіх. За нашыя сем’і і супольнасці, і ўрэшце рэшт за краіну. З салідарнасці і падтрымкі, з ўзаемадапамогі, калі мы будзем гатовыя аддаваць частачку проста так, не патрабуючы нічога ў замен. Калі будзем больш аддаваць чым браць.  Так будуецца грамадзянская супольнасць. Так з абывацеля чалавек ператвараецца ў грамадзяніна. Калі амерыканцы заклалі гэты прынцып ў фундамент сваёй дзяржаўнасці, то нам здаецца невыканальнай марай.

Быць як хтосці, жыць як хтосці... А навошта пражываць не сваё жыццё? Можа час спаўняць свае мары? Гэта ж так проста. Хочаш жыць лепш? Пачынай дзейнічаць! Хочаш быць шчаслівым? Будзь ім! Хочаш каб твая краіна была іншай, была лепшай – зрабі яе такой якой хочаш бачыць. Зрэшты адзін чалавек так і зрабіў 19 год таму. Толькі гэта была яго мара, за якую нам трэба расплочвацца... І заўсёды, што б не здарылася, памятай, што змены пачынаюцца ў табе!

Думкі

Гэты непрыязны для сонца город, дзе штодня усё мяняецца. Шмат планаў, для рэалізацыі якіх трэба працаваць працаваць і працаваць, а ў сутках толькі 24 гадзіны. Там і тут сябры, якія насамрэч толькі знаёмыя, і ты заўсёды чуешся адзінокім. Ты прыкрываешся працай, вучобай каб не заставацца у самоце, бо адзінота забівае. І так год за годам. І дзесці там ўжо ніхто не чакае. А тут ты нікому не патрэбны...

Не бойцеся рабіць крок наперад, нават калі не бачна куды гэты крок. Не бойцеся застаўляць мінулае ў мінулым. Жыццё яно тут і цяпер, а не дзесці калі гэта было ці калі нешта станецца. І да, жыццё адно і нішто не заменіцьстрачаны ў чаканнях, марах ды успамінах час....

Сцяна

Капаючыся ў старых файлах на кампутары знайшла тэкст. Як кажуць звесткі, аўтаматычна захаваныя пры захаванні файла, напісаны  ён год таму. Спачатку здалося, што думкі гадавой даўніны згубілі актуальнасць. Але не... Усё актуальна як і год таму. Толькі з адным але: мы зноў будуем сцяну нашага гета, сцяну нашых мар, мрояў, жаданняў. Зноў забываемся, што сапраўдная сцяна не адступіла ні на крок, можа толкі узмоцнілася нашым страхам. І зноў заглядаем у фальшывае люстерка, шукаючы выйсця.

Дарма. Выхад у іншым баку.... Хіба забыліся на снежань 2010-га?

Сцяна

Пасля 19 снежня жыццё краіны падзялілася на да і пасля. 19 снежня стала сцяной. Яшчэ адной сцяной нашага жыцця. Да і пасля. Мы яшчэ доўга будзем заўважаць гэтую мяжу, якая не толькі падзяліла наша жыццё ,але і падзяліла нас саміх.

Да…

Адчуванне свабоды. І адчуванне, што мяжы ў прынцыпе няма. Мы самі яе шукаем і… не знаходзім. Можна… Можна ўсё. Ці не ўсё. Мы шукаем гэтую мяжу, дзе нас ціхенька павернуць назад, не павысіўшы слова. Маленькія пакасці, штто раней здаваліся паблажкамі сталі самымі моцнымі захадамі ўлады каб паказаць нам мяжу. Мяжу гетта.

Алеў нашае гетта сталі заходзіць і новыя людзі. Яны занятыя паўсядзенным жыццём і нават не адчуваюць, што таксама знаходзяцца ў гетта, толькі іншым. І нашае маленькае кола свабоды здаецца нечым казачным. Бо такога не бывае ў жыцці. Быццам бы наглядчыкі раптам кудысці зніклі. Свабода! Не, толькі ілюзія… Здавалася, што ўсе можа перамяніцца, і гэтыя межы, што ўтрымліваюць нас ў нашым коле, што хочым называць свабодай, знікнуць і хваля адраджэння захлыне Беларусь. Здавалася, што мы ўжо гатовыя да пераменаў. Гатовыя 10 мільенаў беларусаў…

Пасля…

Казачны свет разваліўся 19 снежня, і ўсе пабачылі, што ўсё, што было раней – іллюзія, мара. Гэта сон. Гэта казка на тэлеэкране з намі ў галоўнай ролі. Гэта каралеўства крывых люстэркаў… Сон скончыўся, тэлестужка сапсавалася і мы болей яе не пабачым.Люстэркі пабіліся, і ў асколках мы бачым тое, што было да…

Нас сапраўды нахлынула хваля, але не тая што мы чакалі. Замест радасці  - слёзы. Замест свабоды – краты. Замест радасці, сустрэч – вобшукі, допыты, ператрусы. Замест Любові – Страх. Сцякляная сцяна, што падзяла нас і адлюстроўвала мроі ў сцякляна-люстэркавай агароджы,  развалілася і ўсе пабачылі іншыя сцены. Большыя, таўсцейшыя , мураваныя. Мы пабачылі свет такім, якім ён есць.

Сцяна.

Сцяна падзяліла нас яшчэ больш. Падзяліла не толькі нашае жыцце на да і пасля, але і падзяліла нас саміх. На тых хто за і хто супраць. На тых хто ў ружовых акулярах і хто бяз іх. Урэшце на тых хто Любіць і тых, хто Баіцца.  Але сцяна не ведае, што Любоў перамагае страх, не ведае, што ніякая сцяна не можа стрымаць Любоў. І ўрэўце сцяна павінна будзе адступіць. І тады мы пабачым наш свет не ў сцякляных асколках, змазаных у крыві, і не ў цагляна-жалезных ці бетонных ці яшчэ якіх. Мы пабачым свет такім ,якім ён ёсць.

Перадкаляднае

                        Ён, маленькі, ў сенцах ляжыць, з ласкавай усмешкай на маці глядзіць,
на свет з'явіўся ён для таго, каб людзям нясьці Збаўлення святло...

Астатнія дні забіраюць занадта шмат сіл: у перадсвяточнай мітусні можна і заблукаць у лабірынце ўласнай душы. Толькі вось свята не прыносіць чаканай радасці: хтосьці блізкі і знаёмы сустракае Раство за кратамі, іншыя блізкія і дарагія рассыпаныя па ўсім свеце. Навіны даўно не радуюць. Здаецца, можа і не треба такога свята, можа лепш бы яго ўвогуле не было...

Але ва ўсёй гэтай мітусні губляецца галоўнае. Сярод гетай мітусні паўсядзённых спраў нараджаецца нешта важнае, нешта большае, чым святочная ялінка, віншаванні, чым праблемы і канфлікты... Сярод забітых ерундой чалавечых думак і сэрцаў нараджаецца Бог...

Калісьці 2000 год таму на ўскраіне вялізнай імперыі ў хлеўчыку нарадзіўся Хрыстос. Дзесьці ў гэтую хвіліну выршалі справы дзяржаўнай важнасці, хтосьці  - свае асабістыя справы. Вакол быў цэлы сусвет, але ніхто не заўважыў галоўнага - сярод штодзённай мітусні, праблем, канфліктаў нарадзілася Любоў, якая прыйшла ў гэты свет каб перамагчы смерць...

За 2000 год нічога не змянілася. Мы зноў і зноў забіваем свае сэрцы кучай непатрэбных, беззсэнсоўных спраў, але не знаходзім хвілінкі на блізкіх і дарагіх. Можа варта спыніцца на хвілінку каб пабачыць нешта больш важнае? Можа там хаваецца адказ на нашыя штодзённыя пытанні, адказаў на якія па-іншаму усё роўна не знойдзем?

Ізноў і ізноў кудысьці бяжым, спяшаемся, нешта выдумляем, знаходзім, губляем, але не бачым галоўнага... Ён ужо сярод нас, бо бязмерна нас любіць і хоча быць заўсёды побач. Проста адкрый дзверы свайго сэрца.

Пілігрымка. Перад

Дачакалася! Праз 15 гадзін яя буду ўжо ў дарозе ў Барысаў. Мы вырушым у пятнцу зранку да Росіцы. 8 дзён шчаслівага жыцця без інтэрнэту, навін, калі толькі ты і дарога...

8 дзён супакою духу... Мне гэта зараз патрэбна як паветра... 8 дзён толькі я і Ён... І няхай увесь свет стаіць на галаве, а я ў дарозе... усё, што маю, застаўлю за межамі пілігрымкі. Толькі я і Ён. Цішыня.

Плошча

Я чакала гэтага моманту ад таго часу як у апазіцыі.

На мінулай Плошчы мяне не было - я мірна сядзела дома, вучылася у 9 класе... Я проста была іншая... І гісторыю Плошчы я вывучала ужо па сведчаннях, фільмах, кніжках...
А іх пра плошчу напісалі нямала.

Сёння я буду тут. Час пакладзены на кампанію недарэмны. Мы змагаліся каб сёння быць разам!

Я не магу не быць сёння на Плошчы. Бо гэта ніжэй маёй годнасці. Бо гэта ніжэй маей веры.

І што б не здарылася - я ведаю, што гэта правільны шлях. І што я яго дайду да канца!
ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!!!!

Пра слабое і Някляева

Вось такая ў нас дэмакратыя! Хто хачу – тое варачу. Вось такой і будзе плошча: адзін перад адным!

Я канешне разумаю, што стэнды для дзесяці кандыдатаў малаватыя.  Але ж менавіта ў такіх дробезях праяўляецца самая сутнасць кандыдатаў. Хто мы? Хіба ворагі? Хіба мы змагаемся супраць адзін аднаго ці супраць рэжыму? Мне здаецца што некаторыя кандыдаты змагаюцца супраць “сваіх” жа.

Вось, напрыклад, спадар Някляеў.  Колькі разоў прасілі яго не заклейваць плакат Рымашэўскага.  І да каардынатара па горадзе звярталіся, і да брыгадзіраў, і да спадара Дзмітрыева,  і урэшче рэшт да самога спадара Уладзіміра. І што? Пасля просьбы незаклейваць абяцаюць разабрацца, а самі і далей лепяць плакаты паверх Рымашэўскага.  У нядзелю паказваем Дмітрыяву фоткі (як раз завітаў да нас на штаб, ходзіць як гаспадар, у паперках рыскае). Пасмяяўся. Стала агідна за нашую апазіцыю, якая змагаецца за права быць першым сярод апошнім, бо першыя сярод першых ужо не дасяжныя. Хіба ж так?

Зрэшты “Гаварыць праўду” Някляеўцы ма-мойму зусім не ўмеюць. Узяць хаця б спрэчку з Кобрусевым. Калі прайграў – адразу шукаем адмазкі, прыцягваем іншых людзей, дадумваем умовы. І ўсё сыходзіць да аднаго: не прызнаць пройгрыш, схаваць праўду.

Гэта дзеянні слабых.   Моцныя могуць прызнаць паразу.  Каб быць мацнейшымі. Моцныя кажуць у вочы, а неробяць дробныя пакасці. Моцныя не здраджваюць. Слабыя, толькі слабыя кідаюць нож у спіну… Моцныя ю’юць у сэрца…

Кандыдаты зноў ні да чаго не дамовіліся. І на плошчу мы выйдзем проста таму што па іншаму не можам. Бо таму ,што непайсці -  гэта ніжэй нашай годнасці. Яны ж выйдуць… Не ведаю для чаго… на плошчы будзе шмат кандыдатаў, будзе шмат лідэраў. Галоўнае каб кожны з нас адчуў тую адказнасць, што мае у сабе і тую сілу, якая яму даецца каб жыць. Каб перамагаць. Плану няма – таму плошчу будзем рабіць мы з вамі. Самі. Каб не згубіць годнасці за 30 срэбранікаў. Гэта мы ўжо праходзілі!

 

 

 



Жыць лепш...

Учора мне напісала ліст сястра. Шчыра кажучы, з ёй мы ніколі не былі блізкімі сяброўкамі, апошні час кантактавалі вельмі мала. На тое былі свае прычыны. Яна зусім нядаўна даведалася пра маю дзейнасць.

Гэты ліст быў для мяне трошкі нечаканы, але вельмі радасны. Пісала шмат пра што, але найбольш закранулі мае сэрца радкі пра прэзідэнта і выбары. Сястра, ведаючы пра мой удзел у выбарчай кампаніі, напісала: “Я лічу, што наша краіна і прэзідэнт добрыя. Няма вайны. Няма галадоўкі. У час выплочваюць заробак. Чым дрэнна жывецца? Мяне ўсе задавальняе…”

Сапраўды, чым дрэнна? Няма вайны, голаду, холаду… Усё добра. Але ж гэта неабходнасці чалавека, які перажыў ядзерную катастрофу, пажар, абрабаванне. Чалавеку ж цывілізаванаму трэба крыху больш. Перажыткі вайны? Але ж яна скончылася 65 год таму, і нават мой дзядуля, які нарадзіўся ў 1944 памятае яе толькі з успамінаў бацькі-франтавіка, які даўно ўжо памяняў гэты свет на лепшы. Тым больш мае пакаленне, равеснікі незалежнасці Беларусі. Ці што гэта? Няўжо беларусы атаясамляюць сябе з пагарэльцамі, ці з тымі няшчаснымі, што перажылі сапраўдныя катастрофы сучаснасці? Чаму такое жыццё не задавальняе мяне, маіх паплечнікаў? Свядомых беларусаў?

Жыццё ў нашай краіне сапраўды цудоўнае, але толькі для тых, хто ніколі не меў справаў з дзяржворганамі, дзе да вас адносяцца ў лепшым выпадку як да людзей, якія ім нешта павінныя, да людзей, якіх можна пасылаць куды падалей каб толькі не выконваць сваіх абавязкаў, ці для тых, хто ніколі не меў патрэбы бараніць сябе ў судзе.

Жыць цудоўна, калі вы не малады спецыяліст, які скончыў універсітэт за бюджэтныя грошы і таму абавязаныя адпрацаваць два гады ў глушы, маючы заробак 300 тысяч беларускіх “зайчыкаў”. І зусім не важна, што ва ўніверсітэце вы мелі стыпендыю большую чым сеняшні заробак, як актывіст і выдатнік.

Вам няма з чым параўнаць жыццё тут, калі вы ніколі не перасякалі заходняй мяжы, а на усходзе яшчэ большы бардак, чым ў нас і расейцы нават мараць пра такога прэзідэнта як твой.

Жыць цудоўна па тысячы і тысячы прычын, бо вы сядзіце дома з каханым мужам і дзеткамі, і радуецеся, што бацька атрымаў чарговы замежны крэдыт і абяцае падняць заробкі на 5 адсоткаў. І вас ужо зусім не турбуе, што кошты ужо падняліся на 10 адсоткаў, а крэдыт – гэта ваш асабісты доўг кітайцам, амерыканцам ці яшчэ каму, І што гэтыя ўжо разам $2000 заплоціць не добры бацька-прэзідэнт, а ты, твой муж. А можа нават твае дзеці яшчэ будуць расплочвацца за “сваё шчаслівае негалоднае дзяцінства і мірнае неба над галавой”.

Пытанні мовы, культуры, сімбаляў я увоуле не чапаю, бо гэта ужо даўно палітыка, бо гэта прынцыпова толькі “свядомым”, а мая сястра, якая не можа зразумець куды чарговы раз зніклі грошы, хоць і заробак паднялі, і нічога не набывалі,пра гэта калі і думала, то толькі на уроках гісторыі у 9 клясе, спрабуючы запомніць калі гэты сцяг увялі ў Беларусі і за што знялі ,і чаму у нас дзве родныя мовы, хоць ва усіх нармальных народаў – адна. Не яна ніколі б не чытала гэтую лухту каб не іспыт па гісторыі…Але гэта ужо лірыка.

А я так жыць не хачу і больш не магу.

Я хачу жыць вольна. Каб дыхаць вольна. Каб мяне паважалі, бо я размаўляю па беларуску. Каб чыноўнікі адносіліся да мяне як да чалавека, а не быдла. Я не хачу думаць як мне даехаць да райцэнтра і і вярнуцца да вечара назад, атрымаўшы далека не 300 “зайчыкаў”.

Я не хачу, каб мае унукі плацілі за памылкі сваіх прабабуляў і прадзядуляў. Яне хачу, каб галоўнай каштоўнасцю было “жыць без голаду, вайны і атрымоўваць у час заробак”.

Я не хачу каб храмы перабудоўвалі ў бардэлі.

Я хачу быць чалавекам.

Таму я пайду да канца. Да перамогі.

Зараз жыць добра? Так.

А я хачу жыць яшчэ лепш!